Lorenzo
Хорхе Лорэнцо страціў здольнасьць хадзіць

Хорхе Лорэнцо часова страціў здольнасьць самастойна хадзіць. Дзесяць наступных дзён гішпанец правядзе на бальнічнай койцы спакаваны ў сталёвыя брэкеты. Падзеньне на Гран Пры Злучаных Штатаў у Лагуне Сэке абыйшлося яму нават даражэй, чым звычайна: Хорхе зламаў тры пальцы на левай назе, а гэта значыць, што ён не зможа трэніравацца падчас “летніх вакацыяў” Чэмпіянату.
З Каліфорніі пілота Fiat Yamaha даставілі прама ў Інстытут Дексіўса ў Барсэлону. Доктар пацьвердзіў пераломы пальцаў, і, да шчасьця для Хорхе, аспрэчыў падазрэньні ў рэцыдыўным пераломе калена. Першы пералом Лорэнцо атрымаў у траўні гэтага года ў Шанхаі.
Хорхе Лорэнцо: “Мне сапраўды балюча, і зноўку падзеньне спыняе мой рост. Я наведаў доктара, і ён пацьвердзіў, што гэтую хваравітую траўму можна вылечыць толькі супакоем і адпачынкам. Зараз у мяне на левай назе брэкеты, я магу трохі хадзіць, але гэта балюча, бо і правая нага пацярпела пры падзеньні. Да шчасьця, гэта не траўма, а толькі моцны ўдар. А пакуль я з задавальненьнем сачу за ходам Тур дэ Франс па TV”.
Надзеі на вяртаньне гішпанца да Гран Пры Чэхіі ў Брно захоўваюцца. Гонка адбудзецца 17 жніўня. Ці хопіць гэтага часу для поўнага аднаўленьня - не вядома.
